Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Акцыя «У гонар агульнай Перамогі!» крочыць па Вілейшчыне

Акцыя «У гонар агульнай Перамогі!» крочыць па Вілейшчыне. Зараз праходзяць цырымоніі забору зямлі з воінскіх пахаванняў, размешчаных на тэрыторыі горада і раёна.

У мінулую суботу, 21 сакавіка, ўрачыстае мерапрыемства прайшло на гарадскіх могілках па вуліцы 1 Мая ў Вілейцы. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі краязнаўчага музея і замацаваныя за воінскімі пахаваннямі ўстановы адукацыі – актывісты гімназіі №2 і сярэдняй школы №1.

У кожнага школьнага атрада свая магіла героя Вялікай Айчыннай вайны, што вызначыліся пры вызваленні нашага горада і загінулі тут, удалечыні ад сваёй малой радзімы. А таксама тут на гарадскіх могілках месціцца брацкая магіла воінаў і партызан, што вызвалялі на той час абласны горад Вілейку. Пасля ўрачыстага забору зямлі і ўскладання кветак навуковы супрацоўнік па ахове помнікаў Вілейскага краязнаўчага музея Аксана Чарніцына правяла невялікую экскурсію. Гарадскія могілкі – гэта летапіс нашай гісторыі, бо тут месцяцца пахаванні салдат Першай сусветнай вайны, што загінулі у верасні 1915 года пры вызваленні нашага горада ад кайзераўскіх войск, могілкі салдат перыяду савецка-польскай вайны і пахаванні салдат і афіцэраў, а таксама партызан-вызваліцеляў горада ў ліпені 1944 года.

– Не забываць пра ахвяраў вайны вельмі важна для патрыятычнага выхавання дзяцей, – адзначыла навуковы супрацоўнік музея Аксана Чарніцына. – Наша маладое пакаленне ахвотна наведвае памятныя мерапрыемствы, якія праходзяць зараз на месцах пахаванняў, а таксама штогод ажыццяўляюць догляд за замацаванымі магіламі. Для кожнага школьніка і дарослага гэта памятны момант – забор зямлі для капсулы да 75-годдзя Перамогі ў рамках міжнароднай акцыі «У гонар агульнай Перамогі!».

Калі акцыя ахопіць увесь раён, зямля, сабраная з воінскіх пахаванняў, будзе захоўвацца ў краязнаўчым музеі горада да ўрачыста-памятнага мерапрыемства, якое пройдзе ў красавіку і на якім зямля з кожнага пахавання на тэрыторыі горада і ўсіх сельсаветаў будзе закладзена ў агульную капсулу ад Вілейскага раёна. Гэтую зямлю для вечнай малітоўнай памяці збяруць у Мінску – у адной прасторы крыпты храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, што аддалі свае жыцці дзеля выратавання Айчыны. У маі, напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі, пройдзе ўрачыстая цырымонія закладкі 118 капсул (менавіта столькі раёнаў у Беларусі). Да кожнай будзе прыкладзены спіс імёнаў пахаваных воінаў і мірных грамадзян, інфармацыя пра вайсковыя падзеі кожнай мясцовасці, пра ўклад насельніцтва ў барацьбу з нямецкімі захопнікамі, пра людзей, якія вызначыліся ў баях ці падчас супраціўлення, пра страты і ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

Сяргей ГАНЧАР/Фота прадстаўлена Аксанай ЧАРНІЦЫНАЙ 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 64 queries