Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Беларускія пісьменнікі – Георгіеўскія кавалеры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры заснаваны ў 1987 годзе.

На 2018 год у яго склад уваходзіць галаўны музей і 9 філіялаў: Літаратурны музей Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе», Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны», «Музей-дача Васіля Быкава» ў Ждановічах, «Літаратурны музей Петруся Броўкі», «Хата-музей Петруся Броўкі» ў в.Пуцілкавічы, «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» ў Мінску, «Беларуская хатка», «Фальварак «Ракуцёўшчына».

Фонды музея – унікальны збор музейных прадметаў па гісторыі беларускай літаратуры – налічваюць больш за 107 тыс. адзінак захоўвання. Сярод найбольш значных па колькасці матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў М.Багдановіча, П.Броўкі, В.Быкава, В.Віткі, А.Вярцінскага, Ц.Гартнага, А.Звонака, В.Зуёнка, У.Караткевіча, У.Карызны, К.Крапівы, М.Лынькова, С.Новіка-Пяюна, Я.Семяжона, І.Чыгрынава, І.Шамякіна. Фонд музейных прадметаў падзелены на 26 калекцый: «Рукапісы», «Эпісталярыі», «Дакументы»,»Кнігі», «Кнігі з аўтографамі», «Газеты»,»Часопісы», «Графіка», «Жывапіс», «Фотадакументы» і іншыя.

Музей стварае часовыя выставы, праводзіць лекцыі, музейна-педагагічныя заняткі, літаратурна-музычныя вечарыны, фэсты, прэзентацыі кніг і іншыя мерапрыемствы.

У сувязі са 125-гадовым юбілеем М.Гарэцкага музей на падставе ўласных фондаў стварыў перасоўную выставу «Максім Гарэцкі. Ахвярую сваім Я», якая была прадстаўлена на рэгіянальным фестывалі»Званы памяці» і праходзіць зараз да 31 кастрычніка ў Цэнтры эстэтычнага выхавання (вул. Вадап’янава, 14).

Шматграннасць жыцця Максіма Гарэцкага і яго ўдзел у Першай сусветнай вайне дае нам магчымасць разглядаць яго асобу ў еўрапейскім кантэксце. Выстава паказвае наватарскае значэнне кнігі «Запіскі на імперыялістычнай вайне» (адлюстраванне вайны ў яе рэальным абліччы напісана на аснове ўласнага досведу аўтара ў форме «дзённіка») у кантэксце еўрапейскай антываеннай літаратуры: рамана французскага пісьменніка Анры Барбюса «Агонь», чэшскага празаіка Яраслава Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» і нямецкага пісьменніка Эрыха Марыя Рэмарка «На Заходнім фронце нічога новага».

17 кастрычніка ў Цэнтры эстэтычнага выхавання г.Вілейкі адбудзецца прэзентацыя кнігі Сяргея Іванавіча Бяспанскага «Служа примером бесстрашия: кавалеры полного Георгиевского креста – уроженцы белорусских губерний», якая з’яўляецца ўнікальнай спробай гістарычнага даследавання дакументаў Першай сусветнай вайны. У кнізе ўпершыню прадстаўлены спіс беларускіх ураджэнцаў – кавалераў поўнага Георгіеўскага крыжа – выдатнай баявой узнагароды Рускай Імператарскай арміі. Дзякуючы валанцёрам-пашукавікам, аматарам ваеннай гісторыі, удалося знайсці архіўныя звесткі пра ўзнагароджаных асоб.

У кнізе прадстаўлены звесткі пра поўных Георгіеўскіх кавалераў з беларускіх губерній: Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай. У тым ліку з Вілейскага ўезда Віленскай губерні: І.А.Муккель, І.Х.Шпіз і іншыя. У кнізе можна знайсці біяграфічныя звесткі пра салдат, іх паходжанне, ваенную частку, дзе яны служылі, ваеннае званне, дату і месца вызначэння ў баі, нумар Георгіеўскага крыжа. Усяго такіх выдатных герояў налічваецца 162 воіны. Дапаўняюць выданне Статут Ваеннага Ордэна, шматлікія фотаздымкі і цытаты ўдзельнікаў баёў, іменны паказальнік і спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры.

Атрымаць нават адзін Георгіеўскі крыж лічылася вялікім гонарам. Аўтару кнігі ўдалося знайсці звесткі пра 400 кавалераў Ордэна паходжаннем з беларускіх земляў. Сярод узнагароджаных Георгіеўскім крыжам быў і пісьменнік Максім Гарэцкі. Ён узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені за нумарам 762 424 за вызначэнне ў баі 27 жніўня 1914 года пад Алленбургам ва Усходняй Прусіі.

Першая сусветная вайна – важная старонка гісторыі. Па ўсім свеце ў Першай сусветнай вайне ўдзельнічала 38 дзяржаў з агульнай колькасцю насельніцтва звыш за 1,5 мільярда чалавек. Сотні тысяч беларускіх салдат удзельнічалі ў баявых дзеяннях, звыш за 2 мільёны жыхароў сталі бежанцамі, загінула каля 70 тыс. салдат і 60 тыс. мірных жыхароў, 50 тыс. чалавек гвалтоўна вывезены ў Германію, 400 тыс. бежанцаў не вярнулася з Расіі.

Пра падзеі 100-гадовай даўніны не варта забываць. Вельмі добра, што віляйчане захоўваюць памяць пра Першую сусветную вайну, арганізуюць рэгіянальны фестываль «Званы памяці», у рамках якога праходзяць разнастайныя культурныя мерапрыемствы. Варта адзначыць Фонд памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», Вілейскі Цэнтр эстэтычнага выхавання і Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія», мастака Барыса Цітовіча і вілейскіх праваслаўных святароў.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры заўсёды з задавальненнем удзельнічае ў мерапрыемствах па ўшанаванні памяці беларускіх пісьменнікаў і іншых значных падзей нашай краіны. Гэта і Дні пісьменства, рэгіянальныя і музейныя фестывалі. Значнае месца сярод іх займае фестываль «Званы памяці», які назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Зміцер ЯЦКЕВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 65 queries