Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

На Каляды KOЛA “пракацілася” па Любках

На Каляды этнаграфічны клуб «KOЛA» дакаціўся, нарэшце, да ўкрытых бялюткімі сумётамі і зімовай цішай Любак. Такога тлуму зімой вёска не памятае ужо добрую чвэрць стагоддзя. А бабулі сцвярджаюць, што і ў іх маладосці калядоўшчыкі надта не хадзілі па суседзях, больш валачобнічалі на Вялікдзень. Як бы там нІ было, а «KOЛA»»пракацілася» па Любках і прынесла радасці нешматлікім жыхарам вёсачкі.

Дарэчы, калядоўшчыкі выступілі ў міжнародным складзе. Да моладзевага калектыву маладзечненцаў далучылася францужанка, якая знаходзіцца ў Беларусі ў рамках праграмы культурнага абмену. Ёй адвялі бясслоўную ролю Смерці, якая наравіла забраць Казу з сабой, аднак, канешне, гэтага ў яе не атрымалася. Усяго ж дзевяць калядных персанажаў заходзілі ў хаты жыхароў Любак ды жадалі шчасця гаспадарам. Паказвалі невялічкае традыцыйнае прадстаўленне з забаўкамі ды пацешкамі. А галоўнае – спявалі калядныя песні: «Засвяціла зора», » У Раство Хрыстова анёл прыляцеў «, «Ой у ляску, ляску, на жоўтым пяску» ды іншыя.

«Наш клуб ўжо колькі год калядуе. Звычайна – па Маладзечненскім раёне. А сёлета вось здейснілася мая мара – пакалядаваць ў роднай мне вёсцы, адкуль ідзе мой род, – распавяла кіраўніца этнаграфічнага клуба Вольга Трубач. – Для мяне тут асаблівыя пачуцці, але, упэўнена, што ўсе колаўцы таксама адчулі гасціннасць і душэўнасць маіх родных вяскоўцаў. Бабуля Роза аж заплакала, калі мы прыйшлі павітаць яе. Мая хросная Ніна Аляксеўна Кунавічус (міравая жанчына, хто яе ведае, пацвердзіць, што я не перабольшваю), дык яна пачастунак арганізавала. Каб калядоўшчыкам моцы і энергіі дабавіць. Ну й дабавіла – пасля Любак мы рушылі яшчэ на Каралеўцы. А там баба Рэня Занкавіч з мужам! Вось дык наспяваліся – насмяяліся разам».

Дзяўчына расказала, што ўзрушаныя нечаканай дзеяй вяскоўцы шчодра адорвалі калядоўшчкаў скрылямі сала, яйкамі, яблыкамі ды цукеркамі.

І разам з моладдзю спявалі калядныя песні. Песні, якія яны з асалодай спявалі бадай што толькі ў маладосці, калі збіраліся калядным часам. А збіраліся тады ў найбольшай хаце і спявалі ды танчылі да позняй ночы.

Традыцыі жывуць не ў кнігах, яны жывыя толькі разам з моладдзю. Любкі сёмага студзеня і прадэманстравалі повязь часу ў дзеянні.

Ірына ТРУБАЧ.

Здымкі Сяргея ГАПОНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 135 queries